ЯРАСЛА́Ў УСЕ́ВАЛАДАВІЧ (8 2 1191—30.9.1246),
вялікі князь кіеўскі [1236—38] і ўладзімірскі [1238—46]. Сын Усевалада Вялікае Гняздо, брат вял. ўладзімірскага князя Юрыя Усеваладавіча, бацька Аляксандра Неўскага. Князь у Пераяслаўлі Паўднёвым (1200—06), Пераяслаўлі Залескім (з 1212). Удзельнік міжусобных войнаў. У 1210—30-я г. неаднаразова быў князем у Ноўгарадзе; імкнуўся пашырыць рус. ўплыў на фінскія землі, змагаўся з ням. агрэсіяй (у 1234 нанёс буйное паражэнне крыжакам на р. Эмайыгі ў Эстоніі). Як вял. князь уладзімірскі імкнуўся аднавіць разбураныя манг.-тат. нашэсцем гарады і гасп. жыццё, з дапамогай манголаў падпарадкаваць сабе Кіеўскае, Смаленскае і інш. княствы. У 1243 хан Залатой Арды Батый прызначыў яго вял. князем усёй Русі. У 1246 выкліканы да вял. манг. хана Гуюка ў г. Каракарум, дзе атручаны (памёр на зваротным шляху).
т. 18, кн. 1, с. 296
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)